РУ БЕ EN

История управления

Гісторыя ўтварэння і дзейнасці ўпраўлення адукацыі Гродзенскага райвыканкама.

Упершыню Савецкая ўлада была ўсталявана ў Гродзенскім раёне ў студзені – лютым 1919 г. пасля выгнання войск Кайзераўскай Германіі. Паўторна – у ліпені – верасні 1920 г. пасля разгрому паходу белапанскай Польшчы супраць савецкай краіны. Датай заснаваня Гродзенскага раёна лічыцца 15 студзеня 1940 г. пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з СССР, днём вызвалення лічыцца 17 верасня 1939 г.

Адбываліся змены ў культурным жыцці раёна, адукацыйнай палітыцы. Як зазначалася на справаздачна-выбарчым сходзе раённай арганізацыі 10 красавіка 1940 г., у 74 школах на роднай мове навучалася 10 тысяч вучняў, дадаткова было адкрыта 49 школ. У раёне працаваў 161 настаўнік. Былі адкрыты 22 школы і для дарослых. Займаліся ў іх каля тысячы рабочых і сялян. Па далёка няпоўным уліку па раёне ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў налічвалася 2298 непісьменных і 5246 малапісьменных. Праяўлялі ініцыятыву ў навучанні дарослых настаўнікі. Настаўніца Прыгодзісскай пачатковай школы Путрышкаўскага сельскага савета рэгулярна вяла заняткі адначасова з 39 дарослымі, 8 настаўнікаў Капліцкай васьмігодкі займаліся амаль з сотняй непісьменных і малапісьменных. Усяго да вайны ў раёне было абучана 682 непісьменных і 957 малапісьменных.

На тэрыторыі сучаснага Гродзенскага раёна ў студзені 1940 г. было ўтворана 3 раёны: Гродзенскі, Скідзельскі, Сапоцкінскі. Матэрыялы раянавання Заходніх абласцей Беларускай ССР паведамляюць, што прапанавалася стварыць 4 раёны: Сапоцкінскі (39 школ), Парэцкі (38 школ), Гродзенскі (65 школ). Аднак было утворана толькі тры адміністрацыйныя раёны:  Гродзенскі, Скідзельскі, Сапоцкінскі, і тры аддзелы адукацыі.

Мірнае жыццё было раптоўна прарвана нападам фашысцкай Германіі. У час вайны на тэрыторыі Гродзенскага раёна аддзел адукацыі ва ўмовах нямецкай акупацыі не дзейнічаў. С першых дзён вызвалення 16 ліпеня 1944 г. пачалося пасляваеннае адраджэнне раёна і народнай адукацыі. Разбураныя і разрабаваныя культурна-бытавыя установы і школы патрабавалі аднаўлення ў першую чаргу. Вялікая ўвага надавалася асвеце. Былі разбураны 4 сярэднія, 2 пачатковыя школы. Патрэбна было аднавіць няпоўную сярэднюю школу ў Квасоўцы, пабудаваць пачатковыя школы ў Зарубічах, Горніцы, Тужаўлянах і Табале, перавесці 31 школу з сялянскіх дамоў у прыстасаваныя пад школы памяшканні.

І хоць сродкі на школьныя справы выдзяляліся мізэрныя, раённы адзел народнай асветы на чале з Ф.Л. Крайнікам паслядоўна ажыццяўляў намечаныя планы. Многія пачатковыя школы ў першыя пасляваенныя гады былі пабудаваны метадам народнай будоўлі. Так, напрыклад, былая партызанка, пазней заслужаная настаўніца БССР С.І. Праўко, ўзначаліла будаўніцтва пачатковай школы ў в. Гарны. Жыхары пабудавалі школу літаральна за некалькі тыдняў.

У   Гродзенскай    раённай   газеце  “За  Савецкую  Радзіму” за 1 снежня 1948 г. паведамлялася, што ў 1947 г. у раёне працавала 8 вячэрніх школ сельскай моладзі, у якіх навучаліся 207 юнакоў і дзяўчат, з іх 160 было пераведзена ў наступныя класы. У 1948 г. планавалася праца 8 вячэрніх школ з ахопам 328 слухачоў.

У 1970 – 1980 гг. у раёне было пабудавана 9 школ, 5 дзіцячых садоў. У 1974 г. у раёне дзейнічала 40 пачатковых, 38 васьмігадовых, 23 сярэднія школы, ў якіх вучылася 14250 вучняў. У 50-60 гг. 16 выкладчыкам устаноў Гродзенскага раёна было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік”. Сярод іх: Беланожка С.Г. (атрымала званне ў 1957 г.), Васілеўская А.С. (1960 г.), Казлоўская Д.А. (1960 г.), Крайнік Ф.Л. (1964 г.), Сакалінская Я.У. (1964 г.), Таранка Н.Е. (1964 г.), Цыхун А.П. (1967 г.), Бірулёў Д.Ц. (1965 г.), Лебедзеў У.А. (1967 г.), Паўлоўская Н.А. (1967 г.), Праўко С.І. (1967 г.), Афонская З.М. (1968 г.), Грыгор’ева Г.І. (1968 г.), Дудараў Д.В. (1968 г.), Жукоўскі М.М. (1968 г.), Каралёва М.К. (1968 г.). 85 настаўнікаў былі ўзнагароджаны значком “Выдатнік народнай асветы БССР”. У 1968 г. за заслугі ў навучанні і выхаванні вучняў званне Герой Сацыялістычнай працы было прысвоена Маніка А.І. У 1970 г. загадчыкам Гродзенскага РАНА з’яўляўся Жукоўскі М.М.

 У 70-80 гг. ганаровае званне “Заслужаны настаўнік” атрымалі Кучкоў М.П. (1970 г.), Каваленка І.Л. (1971 г.), Савінава А.М. (1971 г.), Макарчук М.І. (1975 г.), Жыліна Т.Д. (1977 г.), Кляпацкая Т.А. (1977 г.), Літвіновіч Г.І. (1978 г.), Кацнельсон У.М. (1983 г.). Настаўнікі Купрыяненка В.Н., Чулкоў Е.А., Чулкоў А.В., Таўкун Р.А. былі ўзнагароджаны знакам “Выдатнік адукацыі”. У 1975 г. Зайцаў І.С. у 1990 г. Звалінская С.В. атрымалі званні “Заслужаны работнік культуры”. У 1984 г. Гродзенскі РАНА быў удзельнікам ВДНГ.

У 1980 г. загадчыкам аддзела адукацыі стаў Дудараў Д.В. Разам з ім ў гэты час працавала інспектарская служба ў ліку: Буднік І.Ф., Лазарчык А.І., Бязручанка Н.Г., Абухоўскай Я.В., Вараб’ёвай Н.С. У склад метадычнага кабінета ўваходзілі: Яварчук А.М., Сасімовіч В.І., Бырда Л.С., Захарэвіч В.І., Лянцэвіч С.К., Трусіла Л.М., Пігалкоў А.У., Арцёмава В.І., Кузняцова Л.І. У аддзеле кадраў ў той час працавала Яроміна І.Б., прафсаюзным лідэрам з’яўлялася Пракапенака Л.М.

З 1990 г. загадчыкам РАНА стаў Саўцоў А.А., намеснікам загадчыка была Яварчук А.М. Інспектарская служба  складалася з Буднік І.Ф., Жук Г.А., Грышковай Т.А., Дамброўскай А.А., Шумель Т.В. Метадычны кабінет складаўся з Сасімовіч В.І., Яромінай І.Б., Арцёмавай В.І., Вільчэўскай Л.І., Пералайко С.М., Лянцэвіч С.К., Семянчук І.У. У аддзеле кадраў працавалі Сцепаненка Н.К., Рышкевіч В.У.

На 1990 г. сістэма народнай асветы раёна ўключала 12 пачатковых школ, у якіх навучалася 159 дзяцей, 24 няпоўныя сярэднія школы (1260 вучняў), 25 сярэдніх школ (7472 вучняў), 1 школу-інтэрнат, дзе вучылася і пражывала 187 дзяцей, 2 спецшколы (354 навучэнцы), у г. Скідзель дзейнічала прафесійна-тэхнічнае вучылішча (СПТВ №199), ў ім займалася каля 560 навучэнцаў, працавала больш за 50 інжынерна-педагагічных работнікаў.

З прыняццем Закона аб дзяржаўнасці беларускай мовы адбыліся пэўныя зрухі ў сістэме народнай адукацыі. На канец 1992 г. з 52 школ раёна 47 былі пераведзены на беларускую мову навучання, ва ўсіх 24 дашкольных установах раёна выхаванне вялося на роднай мове.

У 1998 г. сістэма народнай асветы раёна ўключала 51 школу, сярод іх 23 сярэднія, 19 – базавых, 6 – пачатковых, 3 – школы-інтэрнаты, цэнтр дзіцячай творчасці – 1. У гэты перыяд у школах навучалася 9492 вучні. Працавала 24 дашкольныя ўстановы, якія наведвалі 2000 дзяцей. Колькасць педагогаў, што працавалі ў школах – 1212, у дашкольных установах – 245. 564 навучэнцы вучылася ў СПТВ №199, колькасць выкладчыкаў – 58.

У канцы 90-х гадоў у Гродзенскім раёне, як і ва ўсёй рэспубліцы, назіраецца крызіс дэмаграфічнай сітуацыі, што не магло не адлюстравацца на установах адукацыі, назіраецца скарачэнне колькасці навучэнцаў, і як вынік – скарачэнне ўстаноў адукацыі. У 2001 г. у Гродзенскім раёне дзейнічала 42 школы, з іх – 23 – сярэднія, 16 – базавых, 3 – пачатковыя, Парэцкая санаторная школа-інтэрнат, Азёрская санаторная школа-інтэрнат, Парэцкая спецшкола-інтэрнат для дзяцей-сірот, Цэнтр дзіцячай творчасці. У школах навучалася 8820 вучняў, СПТВ № 199 – 543 навучэнцы. Функцыяніравалі 24 дашкольныя ўстановы, у якіх выхоўвалася 1604 дзіцяці. У школах працавала 1189 педагогаў, дашкольных установах – 201, СПТВ № 199 – 50.

У 2005 г. сістэма народнай асветы раёна ўключала 22 сярэднія, 10 базавых школ, Дзяржаўную гімназію г. Скідзеля, 24 дашкольныя ўстановы, ДУ “Скідзельская дзіцячая юнацкая спартыўная школа”, УА “Дзяржаўны цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Гродзенскага раёна”, УА “Лойкаўскі дзіцячы сацыяльны  прыют”. На тэрыторыі Гродзенскага раёна знаходзяцца Парэцкая і Азёрская дзяржаўныя школы-інтэрнаты, дапаможная школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і Панямуньскі дзіцячы дом. У снежні 2005 г. была адчынена УА “Гродзенскі раённы цэнтр пазашкольнай работы”. На базе агульнаадукацыйных школ, гімназіі навучаецца 7240 вучняў, у дашкольных установах – 1188 дзяцей.

Такім чынам, уся гісторыя існавання Гродзенскага раённага ўпраўлення адукацыі цесна звязана з гісторыяй краіны, з гісторыяй адукацыі ў рэспубліцы. У розныя часы у Гродзенскім раёне працавалі настаўнікі, якія з гонарам неслі званне сапраўднага народнага настауніка. Удзячныя былыя вучні з павагай і любоўю ўспамінаюць сваіх былых настаўнікаў, якія разам з ведамі перадавалі часцінку свайго сэрца і гонар за краіну, ў якой яны нарадзіліся.

поделиться в:

Интернет-ресурсы: